Уладзімір Садоўскі (yozas_gubka) wrote in kresy_arch,
Уладзімір Садоўскі
yozas_gubka
kresy_arch

Мадэрновая архітэктура занядбанага краю

Архітэктура Беларусі ХХ стагоддзя цікавая тым, што на працягу двух перадваенных дзесяцігоддзяў наша краіна знаходзілася пад уплывам двух, як раней пісалі, ідэалагічна чужых архітэктурных школ: савецкай і польскай. Па выніках Рыжскай дамовы 1921 года Беларусь была падзелена – заходняя частка адышла ў склад Польскай Рэспублікі, на усходняй была ўсталявана савецкая ўлада. У БССР 1920-х гадоў спачатку развіваўся агульнасавецкі архітэктурны стыль канструктывізм, які з сярэдзіны 1930-х у адміністрацыйным парадку быў заменены на соцрэалізм. На заходняй часцы Беларусі змены архітэктурнай парадыгмы адбываліся натуральным чынам, але і там таксама можна абазначыць некалькі характэрных этапаў. У 1920-я ў новаадроджанай Польскай Рэспубліцы панаваў рамантычны нацянальны мадэрнізм, які абапіраўся на гістарычную і народную архітэктуру паўднёвых рэгіёнаў Польшчы. З пачатку 1930-х у польскую архітэктуру прыйшлі агульнаеўрапейскія павевы архітэктуры функцыяналізма, а напрыканцы дзесяцігоддзя Польская Рэспубліка, як і яе суседзі – Германія і СССР – узялася за манументалізм, які спалучаў рысы неакласіцызму і імперскі размах.

Ілюстрацыя 1. Міжваенны асабняк у Гродна. Фота: Уладзімір Садоўскі

Ня гледзячы на разбурэнні вайны і наступствы пасляваеннага аднаўлення беларускіх гарадоў значная частка пабудоў 1920-30-х гадоў захавалася да нашага часу. І калі даваенныя будынкі ўсходняй часткі Беларусі заўжды былі пад пільнай увагай гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, то даследванне архітэктуры захада краіны доўгі час амаль не вялося. У савецкія часы тэма “заходняй” архітэктуры з ідэалагічных прычын разглядалася аднабока і павярхоўна. Напрыканцы ХХ стагоддзя з-за пэўнай інэрцыйнасці вывучэнне архітэктурнай спадчыны Другой Рэчы Паспалітай усё яшчэ знаходзілася ў зародкавым стане. З польскага боку да нядаўняга часу тэма міжваеннай архітэктуры “былых усходніх ваяводстваў” таксама разглядалася вельмі слаба: праз ідэалогію і аддаленасць для польскіх даследчыкаў беларускіх крыніц. У ХХІ стагоддзі сітуацыя паступова стала змяняцца да лепшага, як у Беларусі, так і ў Польшчы. У нашай краіне можна назваць, прынамсі, двух гісторыкаў-мастацтвазнаўцаў, якія шчыльна займаюцца вывучэннем міжваеннай архітэктуры, гэта Ала Шамрук і Яўген Марозаў. Шамрук у 2007 годзе выдала кнігу – “Архітэктура Беларусі ХХ - пачатку ХХI ст.”, у якой, бадай, упершыню ў беларускай навуковай практыцы былі разгледжаны асаблівасці міжваеннай архітэктуры заходніх абласцей краіны. Яўген Марозаў у тым жа 2007 годзе абараніў кандыдацкую на тэму: «Стылі і накірункі ў беларускай архітэктуры 1920-1930-х гг.», дзе параўнаў польскую і савецкую архітэктурныя школы, разгледзеў іх асаблівасці і адзначыў пэўнае падабенства мастацкіх падыходаў. Гэтыя работы заклалі падмурак для далейшага вывучэння архітэктурнай спадчыны міжваеннага перыяду ў Беларусі. Паступова цікавасць да міжваенных пабудоў захапіла і беларускіх краязнаўцаў, напрыклад, у інтэрнэце быў створаны блог, удзельнікі якога збіраюць фотаздымкі і інфармацыю пра міжваеную архітэктуру захада Беларусі, Украіны і Вільнюскага павета: kresy_arch.

Ілюстрацыя 2. Шматкватэрны жылы дом у Маладзечна, пабудаваны ў другой палове 1920-х. Фота: Уладзімір Садоўскі

Сярод польскіх даследчыкаў варта адзначыць працы дацэнта Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Гданьску Міхала Пшчулкоўскага (польск. Michał Pszczółkowski, старонка на ФБ facebook.com/mipszcz). Ён аўтар вялікай колькасці артыкулаў прысвечаных міжваеннай польскай архітэктуры у тым ліку і будынкам, што узводзіліся на тэрыторыі захада Беларусі. У 2016 годзе выйшла кніга Пшчулкоўскага “Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921-1939” (“Сучасныя “крэсы”. Архітэктура на ўсходніх землях Другой Рэчы Паспалітай 1921-1939”) у якой падрабязна разглядаюцца 70 архітэктурных аб’ектаў абазначанага перыяду, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, Украіне і Літве, а таксама зроблены аналіз архітэктурных стыляў і плыняў, што панавалі ў Другой Рэчы Паспалітай у той час.

Ілюстрацыя 3. Вокладка кнігі Міхала Пшчулкоўскага

Варта адзначыць, што спрэчны для беларусаў, ўкраінцаў і літоўцаў тэрмін “крэсы”, які абазначае ўсходнія ўскраіны даўняй Рэчы Паспалітай, у сучаснай польскай гісторыяграфіі мае афіцыйны статус. Тэрмін быў уведзены ў гістарычную літаратуру яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і найчасцей ужываўся ў гады Другой Рэчы Паспалітай у дачыненні да ўсходніх ваяводстваў краіны. Пшчулкоўскі ў сваёй кнізе піша, што ў сённяшнім польскім грамадстве склаўся з большага ідэалізаваны вобраз міжваеннай Польшчы і “крэсаў”, як натуральнай часткі “польскага свету”. Папулярныя публікацыі на тэму міжваеннай гісторыі Польшчы стараюцца не закранаць цёмных старонах жыцця Другой Рэчы Паспалітай. Але, як адзначае гісторык: “міжаенныя “крэсы” – гэта не толькі львоўскі дыялект польскай мовы – “балак” і смаргонскія абаранкі, але і татальная паланізацыя, яўрэйскія пагромы і Бяроза-Картузкая.”

Ілюстрацыя 4. Цэнтр Наваградка ў 1920-я гады. Ілюстрацыя з кнігі “Kresy nowoczesne”.

Ва ўступнай часцы кнігі “Kresy nowoczesne” Пшчулкоўскі робіць агляд эканамічнага, палітычнага і нацыянальнага стану “усходніх ваяводстваў” у міжваенны перыяд: “крэсы” прадстаўляюцца ў ім, як вялікія тэрыторыі з слаба развітай інфраструктурай, да таго ж разбуранай першай сусветнай і савецка-польскай войнамі, амаль цалкам аграрнай эканомікай і з пераважна беларускім, украінскім і яўрэйскім насельніцтвам, над якім цэнтралізавана ажыцяўлялася палітыка паланізацыі. Інструментам гэтай палітыкі па меркаванню аўтара з’яўлялася таксама і архітэктура. Нацыянальны мадэрнізм, які панаваў у польскай архітэктуры 1920-х гадоў, меў на мэце паказаць трываласць польскай улады на новых землях праз зварот да гістарычных элементаў і стылістыкі польскай народнай архітэктуры, а таксама даказаць перасяленцам з цэнтральных рэгіёнаў Польшчы, якія ехалі на ўсход у якасці службоўцаў і вайскоўцаў, што яны будуць жыць не ў глушы, а ў краі, дзе польская архітэктурная думка разіваецца гэтак жа спрытна як і на захадзе краіны. Яскравым прыкладам такога падыходу Пшчулкоўскі ліча пабудову ўрадавых кварталаў у Наваградку, Брэсце, Нясвіжу і інш. Жылыя дамы для польскіх асаднікаў мелі выгляд спрошчаных шляхецкіх сядзіб і павінны былі давесці перасяленцам, што яны не выгнаннікі, а гаспадары на гэтых землях.

Ілюстрацыя 4. Урадавы квартал у Наваградку. Фота: Уладзімір Садоўскі

Зрэшты, як адзначае гісторык, ужо напрыканцы 1920-х гадоў польскія архітэктары пачалі адыходзіць ад нацыянальных матываў і пераймаць агульнаеўрапейскія плыні авангарднай архітэктуры. Пачатак 1930-х характэрызуецца пераходам да архітэктуры функцыяналізму, які стылістычна быў роднасны савецкаму канструктывізму. Яскравым прыкладам гэтай плыні з’яўляецца дом афіцэраў у Гродна, у кнізе Пшчулкоўскага яму прысвечана асобная глава. Манументалізм і неакласіцызм быў уласцівы адміністрацыйным будынкам Польскай Рэспублікі, якія ўзводзіліся на “усходніх землях” – гэты стыль павінны быў таксама служыць прыкладам трываласці польскіх улад на “крэсах”. У якасці ўзора такой архітэктуры аўтар прыводзіць будынак адміністрацыі Палесскага ваяводства ў Брэсце. Пабудаваны ў 1935-38 гадах гмах шмат у чым падобны на аналагінчныя адміністрацыйныя будынкі Германіі ці Савецкага Саюза, якія ўзводзіліся ў той жа час. Міхал Пшчулкоўскі адзначае, што будаўніцтва ва ўсходніх ваяводствах вялося ў нашмат меншых аб’ёмах чым у цэнтральнай Польшчы і маштабных пабудоў было вельмі мала, тым не менш, па тых аб’ектах, што захаваліся ў Беларусі, Украіне і Літве можна назіраць усе стылі і характэрныя этапы ў развіцці міжваеннай польскай архітэктуры.

Ілюстрацыя 6. Былы Дом афіцэраў у Гродна. Фота: Уладзімір Садоўскі

Кніга Пшчулкоўскага прыклад аб’етыўнай ацэнкі стану беларускіх земляў у часы Другой Рэчы Паспалітай, а таксама грунтоўнага падыходу да вывучэння асобных захаваных архітэктурных аб’ектаў міжваеннага перыяду. З 70 апісаных у кнізе аб’ектаў 22 знаходзяцца ў Беларусі: у цэнтры ўвагі аўтара забудова Брэста і Наваградка – былых ваяводскіх цэнтраў, а таксама пабудовы Гродна, Браслава, Баранавічаў, Пінска і Ліды. Інфармацыя пра гэтыя будынкі будзе цікавай не толькі беларускім даследчыкам архітэктуры, але і шырокаму колу чытачоў, а таксама можа стаць асновай для распрацоўкі турыстычных маршрутаў па Беларусі. Дарэчы, Міхал Пшчулкоўскі 7-8 верасня будзе ўдзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе выступіць з дакладам на тэму турыстычнага патэнцыялу архітэктурнай спадчыны Другой Рэчы Паспалітай ў Беларусі.

Аўтар: Уладзімір Садоўскі

Публікацыя: svaboda.org/a/28707441.html
Tags: Брэст, Гродна, Заходняя Беларусь, Маладзечна, дом афіцэраў / dom oficerów, драўлянае дойлідства, жылы дом / dom mieszkaniowy, закапанскі стыль / styl narodowy, крыніцы, рэцэнзія, стары фотаздымак, сучасны фотаздымак, урадавая калонія / kolonija uzędnicza, функцыяналізм
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 1 comment